ТРУБАЗВА́РАЧНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

выраб метал., пераважна стальных, труб метадам зваркі ліста або паласы. Вырабляюць трубы дыяметрам ад 6 мм да 2 м фармоўкай (згінаннем ліста ці паласы ў трубу) і наступнай зваркай шва. Паводле размяшчэння зварнога шва адрозніваюць зварку падоўжную і спіральную. Зварныя трубы ў параўнанні з бясшвовымі маюць меншую таўшчыню сценкі. а трываласць шва не меншую, чым самога металу. Усе тэхнал. аперацыі робяцца на спец. агрэгатах — трубазварачных станах. Паводле спосабу фармоўкі яны бываюць бесперапынныя (фармоўка адбываецца паступова, па меры падоўжнага руху паласы) і перыядычныя (ліст згінаецца ў трубу на ўсю даўжыню адразу). Для зваркі існуюць станы пячной зваркі, зваркі токамі высокай частаты, кантактнай зваркі супраціўленнем, дугавой зваркі пад слоем флюсу ці ў асяроддзі ахоўных газаў. Пры пячной зварцы нагрэтую ў печы да 1300—1330 °C паласу згінаюць у роліках прафілёвачнага стана ў трубу ці працягваюць праз спец. прыстасаванне (лейку) і адначасова зварваюць краі ўпрытык ці (радзей) у нахлёст. Выкарыстоўваецца для вытв-сці вода- і газаправодных труб дыяметрам 10—114 мм з падоўжным швом. Пры вырабе труб дыяметрам менш за 100 мм да трубазварачнага стану далучаецца рэдукцыйны стан, які павялічвае хуткасць выхаду трубы за кошт памяншэння яе дыяметра і таўшчыні сценак. На сучасных станах хуткасць выхаду пры дыяметры 10 мм складае 24 м/мін. Пры вырабе труб дыяметрам да 500 мм з падоўжным ці спіральным швом пашыраны станы, дзе зварка ажыццяўляецца ціскам з нагрэвам краёў, якія зварваюцца токамі павышанай і высокай частаты. На трубазварачным стане з дугавой зваркай вырабляюць трубы ад 500 да 1600 мм і больш.

На Беларусі наладжана вытв-сць стальных электразварных труб квадратнага, прамавугольнага і круглага сячэння. У 2001 Магілёўскі металургічны завод вырабляў стальныя профільныя трубы 22 мадыфікацый (ад 20 × 20 мм да 80 × 60 мм з таўшчынёй сценак 1,2—4 мм), прамашвовыя круглага сячэння — 18 мадыфікацый (дыяметр ад 16 да 89 мм), стальныя вода- і газаправодныя — 8 мадыфікацый (дыяметр ад 15 да 80 мм); Маладзечанскі завод металаканструкцый — профільныя 18 мадыфікацый (ад 50 × 50 мм да 220 × 120 мм з таўшчынёй сценак ад 2 да 8 мм) і круглага сячэння 8 мадыфікацый (дыяметр ад 76 мм да 219 мм); Баранавіцкае прадпрыемства «Аграбудмаш» — стальныя прамашвовыя круглага сячэння 3 мадыфікацый (дыяметр 26, 34 і 42 мм з таўшчынёй сценак да 2,5 мм) і прамавугольныя (30 × 20 мм).

А.​А.​Кацюшкін, Д.​С.​Рагуновіч.

т. 15, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)